Тры гады таму Рада Эўропы «разарвала стасункі з рэжымам» Аляксандра Лукашэнкі «за падтрымку агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны», але не адмовілася ад беларускага народу, заявіў генэральны сакратар Рады Эўропы Ален Бэрсэ, перадае «Позірк».
У відэароліку, разьмешчаным 6 ліпеня на старонках арганізацыі ў сацыяльных сетках, Бэрсэ нагадаў, што ў 2022 годзе Рада Эўропы стварыла кантактную групу для ўзаемадзеяньня зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасьцю.
«Кантактная група Рады Эўропы па Беларусі — гэта пасланьне: перамены пускаюць карані нават там, дзе адмоўлена ў дэмакратыі і заглушаюцца правы чалавека. Шлях можа быць доўгім, але наша прыхільнасьць новай — свабоднай — Беларусі застаецца непахіснай», — падкрэсьліў ён.
У гэтым жа роліку прыводзіцца ацэнка факту стварэньня такой групы з боку беларускага дэмакратычнага лідэра Сьвятланы Ціханоўскай:
«Вельмі важна, што Рада Эўропы зрабіла гэты нестандартны, але значны крок — бо як краіна Беларусь не зьяўляецца сябрам Рады Эўропы. Але вы адважыліся фармалізаваць стасункі з дэмакратычным рухам. Тут мы атрымліваем экспэртную падтрымку па будучых рэформах, напрыклад, па фармаваньні бачаньня будучай Беларусі».
У паведамленьні, якое суправаджае відэаролік на старонцы Рады Эўропы ў «Фэйсбуку», адзначана, што ў яна «цьвёрда адданая падтрымцы ўсіх беларусаў — як тых, хто знаходзіцца ў краіне, так і тых, хто жыве ў выгнаньні, тых, хто імкнецца да дэмакратычных перамен і лепшай будучыні».
Кантактная група названая «праявай салідарнасьці і падтрымкі беларускага народа і міжнароднай супольнасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна і Рада Эўропы падпісалі дамову аб стварэньні спэцыяльнага трыбуналу. Што гэта азначае для БеларусіТры гады таму Сьвятлана Ціханоўская падчас выступу перад Камітэтам міністраў Рады Эўропы заклікала стварыць кіраўнічы камітэт па сувязях зь Беларусьсю.
Беларусь — адзіная краіна на кантыненце, якая ня стала сябрам Рады Эўропы. У сакавіку 2022 году супраца Рады Эўропы з рэжымам Лукашэнкі была прыпыненая праз тое, што афіцыйны Менск падтрымаў агрэсію Расеі супраць Украіны. Тады ж Расейская Фэдарацыя была выключана з Рады Эўропы.
У якасьці альтэрнатывы 7 верасьня 2022 году была створана кантактная група па супрацы Рады Эўропы з дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасьцю Беларусі.
Ад Рады Эўропы ў групе ўдзельнічаюць прадстаўнікі ўсіх палітычных структур, у тым ліку ПАРЭ і Офісу камісара ў правах чалавека.
Рада Эўропы таксама дала дэмсілам асобны офіс у сваім будынку ў Страсбургу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У дакумэнтах саміту ЭЗ тройчы згадалі Беларусь. Да чаго заклікаюць?