Пра гэта ў жывым эфіры Свабода Premium дыскутуюць прадстаўнік руху «Вольная Беларусь», палітоляг Павал Вусаў і прадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе і супрацы з парлямэнцкай супольнасьцю Анатоль Лябедзька.
Фрагмэнты гутаркі
Вусаў:
На сёньняшні дзень унутры краіны няма ніякіх рэсурсаў і магчымасьці нейкім чынам супрацьстаяць сыстэме. Такія магчымасьці былі ў 2020-м годзе, яшчэ трошачкі яны былі ў 2021-м годзе. Цяпер іх, па сутнасьці, няма.
Што можна зрабіць, каб яны зьявіліся? Умовай для трансфармацыі зьяўляецца аслабленьне Расеі ў вайне з Украінай. Бо акрамя ўнутраных рэпрэсій сыстэма функцыянуе ў з падтрымкай Расеі. Мы маем дачыненьне з падвойнай акупацыяй: з аднаго боку, гэта рэжым Лукашэнкі, зь іншага боку — вайсковая стратэгічная прысутнасьць Расеі ў Беларусі, якая не дазволіць нейкую дэмакратызацыю краіны ці любую трансфармацыю.
Заклікаць людзей на барацьбу ўнутры Беларусі — гэта проста падстаўляць людзей. Літаральна падстаўляць, калі няма структур, калі няма дзейснага падпольля, якое, напрыклад, было ў акупаваным Крыме ці Данеччыне. Бо тая дзейнасьць так ці інакш падтрымліваецца звонку. Я маю на ўвазе ГУР украінскі ці СБУ, якія арганізоўваюць і рэалізоўваюць пасьпяховыя апэрацыі на тэрыторыі праціўніка.
У беларусаў такіх вонкавых структур, якія б маглі арганізаваць пасьпяховую дзейнасьць, сабатаж на тэрыторыі Беларусі, не існуе. Усе больш-менш актыўныя мэханізмы, рэсурсы дзеяньня, як плян «Перамога», як «Беларускі гаюн», праваліліся зь вялікімі стратамі для беларусаў унутры краіны, хаця на пэўным этапе мелі пазытыўны эфэкт.
На сёньняшні дзень, калі мы кажам пра беларусаў унутры Беларусі, застаецца дзейнічаць так, каб не нашкодзіць тым групам, якія гэтым займаюцца.
А што тычыцца палітычных колаў эміграцыі, дык варта рабіць усё, каб гэты актыў захаваць на пэрспэктыву. Бо калі будзе «зачышчана» ўся прастора і ўнутры Беларусі ня будзе нейкай нейкай актыўнай праслойкі, дык зьмены не наступяць. Эміграцыя зьменаў у Беларусі ня зробіць.
Мы бачым, што актыўнасьць у асноўным накіраваная на паездкі, на візыты, якія для Беларусі, па сутнасьці, на сёньняшні дзень нічога не даюць. Для апазыцыі гэта, магчыма, захаваньне нейкага прэстыжу, але на рэальнай практычнай значнасьці для беларусаў гэта ніяк не адбіваецца, рэпрэсіі працягваюцца, людзі сядзяць у вязьніцы, Захад нічога з гэтым зрабіць не можа, акрамя нейкай гульні з Лукашэнкам — тое, што рабіла адміністрацыя адміністрацыя Трампа.
Лябедзька:
Пагаджуся з канстатацыямі Паўла ў апісаньні сытуацыі, але не з усімі высновамі. Так, сапраўды, трэба працаваць на зьмяншэньне ўплыву Пуціна, зьмяншэньне градуса страху і зьмяншэньне фінансава-эканамічнай залежнасьці беларусаў ад рэжыму.
Вядома ж, я не пагаджуся, што перамены ў Беларусі — гэта выключна адказнасьць беларусаў унутры Беларусі. Перамены прыйдуць якраз за кошт сынэргіі беларусаў, якія ўнутры Беларусі, беларусаў, якія ў замежжы, і міжнароднай супольнасьці. То бок перамены прынясе шырокая кааліцыя па Беларусі.
Можна было б сказаць, што беларускае пытаньне вырашаецца сёньня ў Менску, Гомлі ці Жабінцы. Але трэба прыняць да ведама і падзеі, якія мы назіраем ва Ўкраіне. Гэта азначае, што нам патрэбны хаўрус ня толькі саміх беларусаў, але і нашых партнэраў і з Брусэлю, і з Варшавы, і зь Вільні, і з Бэрліну.
І калі мы зыходзім з таго, што стратэгічна нам патрэбны такі зьвяз, то натуральна, што ўсе сустрэчы вельмі важныя. Бо вы не пабудуеце хаўрус, калі ў вас няма камунікацыі, стасункаў з палітыкамі, якія прымаюць стратэгічныя рашэньні ці вырашаюць бягучыя пытаньні.
Менавіта праз сустрэчы, праз самыя разнастайныя камунікацыі, мы дабіваемся таго, што вырашаем пэўныя пытаньні, якія закранаюць інтарэсы беларусаў і замежжа, і тых, хто знаходзіцца ўнутры. Вось цяпер мы тут размаўляем, а заўтра Сьвятлана Ціханоўская сустракаецца зь міністрам унутраных спраў Літвы. І там будуць абмяркоўвацца канкрэтныя пытаньні, якія датычаць і інтэграцыі беларусаў тут у Літве, якія датычаць памежжа, бо ўсё роўна тысячы беларусаў едуць да сваіх сваякоў тут, і гэтая сувязь патрэбна. Калі ў вас не будзе такіх стасункаў, такіх камунікацый, то, выбачайце, гэта будзе рэальны тупік.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум