Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СК РФ: экс-міністар транспарту Расеі Раман Старавойт наклаў на сябе рукі

абноўлена

Раман Старавойт.
Раман Старавойт.

Кіраўнік Міністэрства транспарту Расеі Раман Старавойт, які ў панядзелак, 7 ліпеня, быў адпраўлены ў адстаўку прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, наклаў на сябе рукі.

Сьледчы камітэт Расеі паведаміў, што «ўстанаўлівае абставіны сьмерці» экс-міністра транспарту Рамана Старавойта. Асноўная вэрсія сьледчых — самагубства.

«Сёньня ў Адзінцоўскай гарадзкой акрузе ў асабістым аўтамабілі знойдзенае цела былога міністра транспарту Расейскай Фэдэрацыі Рамана Ўладзіміравіча Старавойта з агнястрэльным раненьнем», — гаворыцца ў паведамленьні СК Расеі.

Першымі пра гэта паведамілі расейскія тэлеграм-каналы Shot, Mash і 112. Паводле папярэдняй інфармацыі, побач з Старавойтам была знойдзена агнястрэльная зброя.

Старавойт стаў міністрам у траўні 2024 году, да таго ад 2019 году займаў пасаду губэрнатара Курскай вобласьці

4 ліпеня стала вядома, што віцэ-прэзыдэнт расейскай карпарацыі «Транснефть» 62-гадовы Андрэй Бадалаў выпаў у Маскве з акна 17 паверха, хоць жыў на 10-м. Пра здарэньне паведамляла выданьне Baza. Папярэдняя вэрсія сьледзтва — суіцыд. Бадалаў працаваў віцэ-прэзыдэнтам карпарацыі «Транснефть» з 2021 году.

Гэта ня першая падобная сьмерць сярод высокапастаўленых расейскіх бізнэсоўцаў. Асабліва шмат такіх выпадкаў было ў 2022 годзе. Вось толькі некаторыя зь іх.

  • Леанід Шульман, кіраўнік транспартнай службы «Газпром инвест» — студзень 2022.
  • Аляксандар Цюлякоў, топ-мэнэджар «Газпрому» — люты 2022.
  • Уладзіслаў Аваеў, былы віцэ-прэзыдэнт «Газпромбанку», да таго ж забіў жонку і дачку — красавік 2022.
  • Сяргей Пратасеня, былы намесьнік прэзыдэнта «Новотек», таксама забіў жонку і дачку — красавік 2022.
  • Юрый Воранаў, кіраўнік кампаніі-падрадніка «Газпрому» — ліпень 2022.
  • Яўгеній Лабачоў, генэрал-маёр ФСБ у адстаўцы — ліпень 2022.
  • Равіль Маганаў, старшыня рады дырэктараў «Лукойлу», загінуў, выпаўшы з акна лякарні ў Маскве — верасень 2022.
  • Міхаіл Рагачоў, экс-віцэ-прэзыдэнт ЮКОС — кастрычнік 2024.
  • Артур Прахін, кіраўнік Фэдэральнай антыманапольнай службы ў Карэліі — люты 2025.

Паводле падлікаў расейскіх журналістаў сьмерць Бадалава стала 17-й сьмерцю топ-мэнэджараў расейскіх нафтагазавых кампаній з пачатку ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG